БИБЛИОТЕКА

 

Да 105-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

Похожее изображение

 

 

На главную

 

“Ёсць у свеце планета Зямля.

Ёсць на Зямлі той краіна адна,

А ў той краіне – прыстанішча, дзе

Сэрца званчэйшыя песні вядзе”.

М. Танк

Класік сучаснай беларускай літаратуры Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей Першай сусветнай вайны i бежанства ў Расii.

 У 1914 годзе сям’я паэта была вымушана выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. Восень 1926 года прывяла будучага паэта  Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку,  куды ён паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі.

   Восенню 1928 года Яўгену Скурко прыйшлося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягваў спасцігаць вучнёўства з прычыны закрыцця Вілейскай гімназіі польскімі ўладамі. Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветніцкую дзейнасць.

У 1939 годзе Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну. Ён працаваў у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы і ў абласной газеце “Вілейская праўда” (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940).

Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца - з 1932 года. Першы верш - "Заштрайкавалi гіганты-комiны" - пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы "Беларускае жыццё" (г. Львоў) 7 красавiка 1932 года. У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму “Нарач”.

У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка "На этапах", у 1937 - другi зборнiк "Журавiнавы цвет" i асобным выданнем паэма "Нарач", у 1938 - трэцi зборнiк "Пад мачтай".

У гады вайны ён працуе ў газеце "За Савецкую Беларусь", агiтплакаце "Раздавiм фашысцкую гадзiну", пiша i выдае паэму "Янук Сялiба" (1943), зборнiкi вершаў "Вастрыце зброю" i "Праз вогненны небасхiл" (1945).

Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з'явiўся зборнiк М. Танка "Каб ведалi" (1948), справядлiва адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Шмат цiкавых i арыгiнальных твораў увайшло ў наступныя зборнiкi паэта - "На камнi, жалезе i золаце" (1951) i "У дарозе" (1954).

З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарам часопiса "Полымя", з 1966 па 1990 год - першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1971) i СССР (1969-1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI - VII склiканняў (1963-1971), з'яўляецца членам шматлiкiх грамадскiх арганiзацый.

У 60-90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапiска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсцi праз вернасць" (1979), "За маiм сталом" (1984) i iнш.

Плённая творчая, працоўная і грамадская дзейнасць Максіма Танка адзначана званнямі Народнага паэта Беларусі (1968), акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), многімі літаратурнымі прэміямі, сярод якіх — Ленінская прэмія (1978, за кнігу "Нарачанскіе сосны"), Дзяржаўная прэмія СССР (1948, за кнігу "Каб ведалі") і Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы (1966, за кнігу "Мой хлеб надзённы"), ордэнамі і медалямі СССР і Польскай Народнай Рэспублікі. У 1987 г. яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінска.

Памёр Максім Танк у Мінску 7 жніўня 1995 г., пахаваны на могілках вёскі Слабада (каля Пількаўшчыны) Мядзельскага раёна. Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму універсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы, адной з цэнтральных сталічных вуліц.